Працоўны візіт загадчыка кафедры «Прамысловая электроніка» Юрыя Крышнёва ў Таварыства з Абмежаванай адказнасцю «МІРТЭК-інжынірынг», які адбыўся 06.10.2020, пакінуў самыя прыемныя ўражанні. Новы вытворчы корпус прадпрыемства на вул. Фядзюнінскага ужо працуе. У прасторным вытворчым памяшканні - агромная маса выпускнікоў кафедры «Прамысловая электроніка», якія ўласнаруч, пад кіраўніцтвам генеральнага канструктара Сяргея Зайцава і тэхнологаў, ствараюць гісторыю не толькі гомельскай, але і беларускай радыёэлектронікі. Распрацоўка і вытворчасць прыбораў уліку электраэнергіі, сучасных аўтаматызаваных сістэм кіравання, збору і перадачы даных набірае сур'ёзныя абароты – цяпер на прадпрыемстве ёсць і свой аўтамат для вырабу прэс-форм, і свае ліцейныя машыны для вытворчасці карпусоў і палімерных дэталей.
З новых уражанняў – запуск вытворчасці лічыльнікаў вады, удасканаленая аўтаматызаваная сістэма тэхналагічнага кантролю прыбораў і антыстатычная падлога з люстэркавым блікам. Ступіць на яе без бахілаў літаральна не дазваляе сумленне. Ну і, канешне, – ўнікальныя тэхналагічныя ўстаноўкі і дасканала абсталяваныя працоўныя месцы выклікалі павышаную цікавасць.
Прысутны на сустрэчы выпускнік кафедры «Прамысловая электроніка» Андрэй Шлыкаў (ПВУП "Ліберці-Трэйдзінг") узняў тэму серыйнага выпуску плат на аснове ASIC для крыптаэканамічных платформ. Пытанне выклікала зацікаўленасць і мае ўсе шанцы рэалізавацца на практыцы.
У цэлым прыватная вытворчасць уражвае сваім размахам, ініцыятывай і асаблівай творчай аурай. Дзякуй, «МІРТЭК-інжынірынг», за вамі і такімі, як вы – наша будучыня!
Юрый Крышнёў