Адлік сваёй гісторыі кафедра вядзе з моманту прыезду ў Гомельскі політэхнічны інстытут напачатку 1987 г. групы маладых спецыялістаў, выпускнікоў Смаленскага філіяла Маскоўскага энергетычнага інстытута. Ідэя стварэння кафедры "Прамысловая электроніка" належыць прафесару Я.Г. Абарынаву (1937-2002).
11 лютага 1987 г. з дазволу Міністэрства адукацыі СССР, загадам №30 па Гомельскім політэхнічным інстытуце была створана кафедра "Прамысловая электроніка", у першы склад якой увайшлі: прафесар Лукоўнікаў В.І., дацэнты Я.Г.Абарынаў, Э.М.Вінаградаў, Н.І.Іванова, старшыя выкладчыкі А.І.Нікеенкаў, А.Ф.Шнюкаў, Ю.А.Козусеў, У.А.Карпаў. Праз год да працы на кафедры прыступіў старшы выкладчык В.В.Шчуплоў.
Загад на адкрыццё спецыяльнасці
Першы склад кафедры
У верасні 1988 г. загадчыкам кафедры быў абраны прафесар, кандыдат тэхнічных навук Я.Г.Абарынаў.
Я.Г.Абарынаў
Напачатку свайго развіцця кафедра ўяўляла сабою пераважным чынам навукова-даследчую лабараторыю, якая вяла значны аб'ём навукова-даследчых работ сумесна з Усесаюзным навукова-даследчым інстытутам "Геафізіка" і Усесаюзным навукова-даследчым інстытутам свідравой тэхнікі ў Маскве, з радыёзаводам у г. Баку, з канструктарскім бюро "Прамень" у г. Гомелі, з НДІ мікрапрыбораў у г. Рыга, з радыёзаводам у г. Пружаны Брэсцкай вобласці. У выніку гэтых работ было атрымана больш за 20 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходства, 6 распрацовак укаранёна ў прамысловую вытворчасць. У выніку правядзення навукова-даследчых работ для абсталявання новых лабараторый кафедры былі набыты першыя класы ПЭВМ, абсталяванне для лабараторый лічбавай электронікі, мікрапрацэсарнай тэхнікі, а таксама неабходныя электравымяральныя прыборы.
Я.Г.Абарынаў, як загадчык і аўтар ідэі стварэння кафедры, разам з першым складам кафедры, вельмі шмат зрабілі для яе станаўлення. Гэта быў цяжкі этап, калі адмыслоўцам кафедры даводзілася з нулявой адзнакі напрацоўваць вучэбны матэрыял і ствараць лабараторную базу.
Новы імпульс развіццю кафедры надало з'яўленне ў выкладчыцкім складзе яе ўласных выпускнікоў. Нават з улікам таго, што большасць з іх пазней змяніла месца працы, варта адзначыць, што іх веды, уменні і практычны досвед у станаўленні лабараторый і распрацоўцы навучальна-метадычнага матэрыялу спрыялі развіццю і ўмацаванню кафедры.
У студзені 1995 г. загадчыкам кафедры "Прамысловая электроніка" па конкурсе быў абраны дацэнт, кандыдат тэхнічных навук Б.А.Вярыга (1943-2006).
Б.А.Вярыга
Перыяд працы кафедры пад кіраўніцтвам Б.А.Вярыгі адзначыўся інтэнсіўным удасканаленнем навучальна-метадычнай і навукова-даследчай работы. Шматлікія навуковыя распрацоўкі выкладчыкаў і супрацоўнікаў кафедры былі ўкаранёны ў вытворчасць: заводы "Зеніт" (г.Магілёў), "Завод электравымяральных прыбораў" (г.Віцебск), "Завод вымяральных прыбораў" (г.Гомель"), ААТ "Гомельтранснафта "Дружба" і інш.
У 2006 г. загадчыкам кафедры па конкурсе абраны дацэнт, кандыдат тэхнічных навук Ю.В.Крышнёў.
Ю.В. Крышнёў
Сучасны этап у развіцці кафедры характарызуецца ўваходжаннем кафедры ва ўніверсітэцкую адукацыйную праграму кампаніі Texas Instruments (ЗША). У яе рамках набыты і ўкаранёны ў навучальны працэс адладкавыя модулі для лічбавых сігнальных працэсараў. У гэты ж час пачалося паглыбленнае вывучэнне студэнтамі кафедры сродкаў лічбавай апрацоўкі сігналаў, тэлекамунікацыйных сістэм, сістэм малой аўтаматызацыі. Усталяваны стасункі з роднаснымі кафедрамі Бранскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (Расійская Федэрацыя), Чарнігаўскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (Украіна), Каўнасскага тэхналагічнага ўніверсітэта (Літва).
Загадчык кафедры "Прамысловая электроніка" Крышнёў Ю.В. з'яўляецца намеснікам старшыні секцыі "Прамысловая электроніка" навучальна-метадычнага аб'яднання (НМА) вышэйшых навучальных устаноў Республікі Беларусь па адукацыі ў вобласці інфарматыкі і радыёэлектронікі. Кафедра выконвае значны аб'ём вучэбна-метадычнай работы, уключаючы распрацоўку дзяржаўнага адукацыйнга стандарта па спецыяльнасці I ступені вышэйшай адукацыі "Прамысловая электроніка".
Значнай падзеяй для кафедры з'явілася падрыхтоўка сіламі навукоўцаў кафедры і выхад у свет у 2007 г. у выдавецтве "Радыётэхніка" (г. Масква, Расійская Федэрацыя) адмысловага выпуску навуковага часопіса "Наукоемкие технологии", прымеркаванага 20-годдзю кафедры "Прамысловая электроніка" і памяці яе другога загадчыка Браніслава Антонавіча Вярыгі. У дадазены момант дацэнт кафедры "Прамысловая электроніка", к.т.н. Я.А. Храброў з'яўляецца членам рэдкалегіі часопіса "Наукоемкие технологии".
У перыяд з 1988 па 2005 г.г. кафедрай ажыццяўлялася падрыхтоўка спецыялістаў з кваліфікацыяй "інжынер электроннай тэхнікі" па спецыялізацыі "Мікраэлектронныя і мікрапрацэсарныя кіруючыя і інфармацыйныя прылады" спецыяльнасці "Прамысловая электроніка", з 2005 г. – з кваліфікацыяй "інжынер па радыёэлектроніцы" па спецыялізацыях "Мікраэлектронныя і мікрапрацэсарныя кіруючыя і інфармацыйныя прылады" і "Тэхніка і сродкі электроннай сувязі", а з 2014 г. – па спецыяльнасці "Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах" з кваліфікацыяй "інжынер па інфармацыйных тэхналогіях і кіраванні". За гэты час кафедрай падрыхтавана 2428 інжынераў, з іх па завочнай форме навучання – 1040. З адзнакай за гэты час скончылі навучанне 118 чалавек.
У наш час на кафедры значны аб'ём работ выконваецца па распрацоўцы навукова-даследчых і інавацыйных праектаў. У гэтым рэчышчы за перыяд 2005-2016 г.г. распрацаваны кіраваны ўнутрытрубны герметызатар, стабілізатар токаў для электрахімічнай абароны нафтаправодаў (ААТ "Гомельтранснафта "Дружба"), мадэрнізавана ліцьевая машына (РУП "Беларуснафта"), распрацавана дыстанцыйная сістэма паводкавага маніторынгу для прадпрыемства "Гомельаблгідрамет".
Кафедра мае цесныя дачыненні з Аб'яднаным інстытутам ядзерных даследаванняў (АІЯД, г. Дубна, Расійская Федэрацыя). З дапамогай спецыялістаў кафедры "Прамысловая электроніка" Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога праводзяцца распрацоўкі ў наступных накірунках:
- мадэляванне, аптымізацыя і распрацоўка сістэмы стахастычнага астуджэння пучка часціц "pick-up/kicker" для Нуклатрона і праекта Калайдэра NICA;
- распрацоўка выпрабавальнага стэнда для вымярэнняў на элементах Нуклатрона pick-up і kicker;
- распрацоўка шырокапалоснага ўзмацняльніка магутнасці на дыяпазон 2-4 ГГц з заданымі фазавымі і амплітуднымі ўласцівасцямі для сістэмы стахастычнага астуджэння праекта Калайдэра NICA.
У рамках супрацоўніцтва з АІЯД арганізуецца праходжанне практык і стажыровак студэнтаў спецыяльнасці "Прамысловая электроніка" ў АІЯД і еўрапейскіх навукова-даследчых установах-партнёрах АІЯД.
Для забеспячэння аднаго з накірункаў дзейнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на кафедры распрацаваны і падтрымліваецца афіцыйны Web-сайт для абітурыентаў Беларусі http://abiturient.by. У той жа час асноўным накірункам навукова-даследчай работы кафедры традыцыйна застаецца пабудова схем інфармацыйна-вымяральных пераўтваральнікаў для датчыкаў электрычных і неэлектрычных велічынь.
З 2009 г. на кафедры працуе студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя "Вылічальныя метады і сродкі ў задачах аўтаматызацыі і кіравання", у рабоце якой, пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры "Прамысловая электроніка", бяруць удзел магістранты і студэнты спецыяльнасцяў, замацаваных за кафедрай. З 2014 г. функцыянуе навучальна-даследчая лабараторыя "Радыёаматар". У цяперашні час у ауд. 2-527, дзе грунтуюцца абедзве студэнцкія лабараторыі, абсталяваны працоўныя месцы для навукова-даследчай і эксперыментальнай работы студэнтаў і магістрантаў кафедры. Студэнты і магістранты, якія наведваюць лабараторыю, бяруць актыўны ўдзел у распрацоўцы выпрабавальных і вучэбных стэндаў, макетаў, а таксама – ў навукова-даследчай рабоце кафедры і выкананні фінансуемых дагавароў.
Кафедрай штогод арганізоўваюцца і праводзяцца творчыя конкурсы "Політэхнічная крыжаванка" (для студэнтаў універсітэта) і "Алімпіяда па радыёэлектроніцы" (для абітурыентаў універсітэта).
Лагатып конкурсу "Політэхнічная крыжаванка"
Лагатып конкурсу "Алімпіяда па радыёэлектроніцы"
Кафедра размешчана на 5-м паверсе навучальнага корпуса № 2 (пр. Кастрычніка, 48), займае памяшканні агульнай плошчай 1044 кв.м, з якіх 828 кв.м – навучальныя памяшканні: 14 лабараторый, 2 камп'ютарных класы, 2 лекцыйных аўдыторыі. Акрамя таго, 5 пакояў выкарыстоўваюцца для заняткаў навукова-даследчай работай супрацоўнікамі і аспірантамі кафедры, 1 пакой – выкладчыцкая, 2 – кабінеты, 1 – майстэрня, 2 пакоі выкарыстоўваюцца для захоўвання камплектацыі і абсталявання.