5 чэрвеня ў парку «Фестывальны» прайшла маштабная выстава вучнёўскіх дасягненняў з удзелам прадстаўнікоў шматлікіх гомельскіх устаноў адукацыі. Выстава была арганізавана ў рамках выязнога семінара-практыкуму для старшыняў гарадскіх Саветаў дэпутатаў па добраўпарадкаванні горада. Такая падзея – гэта яшчэ адна магчымасць паказаць сябе, як прафесіяналаў сваёй справы, не толькі перад калегамі, але і шырокай публіцы.
З самага ранку можна было назіраць, як хлопцы ў сіне-белых шаліках Палітэха ўсталёўваюць выставачныя стэнды і раскладваюць экспанаты, якія нясуць у сабе гады распрацовак і часцінку генія іх аўтара.
Калі Вы бачыце ў паветры робата, якi лунае, значыць гэта стэнд нашых ІТ-спецыялістаў, калі Вы бачыце перад сабою неверагодна складаныя фігуры з металу, то гэта магія нашых машынабудаўнікоў. Калі Вас уразіла сонечная панэль – гэта экспанат нашых энергетыкаў, калі Вы бачыце перад сабою стэнд, дзе ўсё міргае і свеціцца, а побач стаяць хлопцы і бурна абмяркоўваюць, на колькі ж часу хопіць зарада акумулятара, Вы не памыліцеся, калі выкажаце здагадку, што гэта – нашы прамэлектроншчыкі.
Пра іх далей і пойдзе гаворка. У гэтым годзе кафедра прадставіла чатыры экспанаты: тры паспяхова зарэкамендавалі сябе, як у нас у краіне, так і за мяжой, і адзін, новы, – прызёр мноства конкурсаў студэнцкіх работ.
- Пераўтваральнік вымяральны П-215М. Укаранёны ў серыйную вытворчасць на РУП «Гомельскі завод вымяральных прыбораў». Атрыманы шэраг патэнтаў Рэспублікі Беларусь.
Навуковая група распрацоўнікаў:
Карпаў У.А. - к.т.н., дацэнт кафедры «Прамысловая электроніка»;
Захаранка Л.А. - ст. выкладчык кафедры «Прамысловая электроніка». - Бескантактавы вымяральнік пастаянных токаў. Выраблены і выпрабаваны вопытны ўзор. Выканана ўкараненне на ТАА НПЦ «Промавтоматика» (Расія, г. Есентукі).
Навуковая група распрацоўнікаў:
Козусеў Ю.А. - ст. выкладчык кафедры «Прамысловая электроніка»;
Міхалевіч Д.П. - аспірант кафедры "Прамысловая электроніка». - Блок кіравання пральнай машынай аўтаматычнай. (Выканана ўкараненне ў серыйную вытворчасць на ААТ «Віцебскі завод электравымяральных прыбораў»).
Навуковая група распрацоўнікаў:
Захаранка Л.А. - ст. выкладчык кафедры «Прамысловая электроніка»;
Старасценка В.А. - асістэнт кафедры «Прамысловая электроніка». - Сістэма дыстанцыйнага кантролю мікраклімату.
Навуковая група распрацоўнікаў:
Крышнеў Ю.В. - заг. кафедры «Прамысловая электроніка».
Сахарук А.У. - асістэнт кафедры «Прамысловая электроніка»;
Ільюшчыц Я.А. - магістрант кафедры «Прамысловая электроніка»;
На заканчэнне хацелася б адзначыць, што ўсе ўдзельнікі выставы годна прадставілі сваю альма-матэр, дэлегацыя дэпутатаў, відавочна, засталася задаволеная вынікамі, а зарада акумулятара хапіла яшчэ на паўтары гадзіны.
С. Балдзенка, А. Наумук
Фота: В. Шчыракова