У электронiкi не жаночы твар? Яшчэ якi жаночы!

Напэўна, кожны з нас у падсвядомасці мае даволі цвёрды пункт светапогляду аб тым, якія прафесіі лічацца «мужчынскімі», а якія «жаночымі». Ёсць прафесіі, грамадскае ўяўленне пра гендэрнае напаўненне якіх мае амаль адзінагалосны характар: напрыклад, сталевар, ратавальнік, слесар і, з іншага боку, – выхавацель дзіцячага садка, касір чыгуначнай станцыі, або бібліятэкар. Яны – быцам на розных полюсах нашых перакананняў аб працоўным прызначэнні мужчын і жанчын. Але існуе і шмат прафесій, якімі амаль з аднолькавым поспехам могуць авалодаць і юнакі, і дзяўчыны. Для прыкладу, адна з такіх прафесій – інжынер па радыёэлектроніцы. Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В. Сухога ўжо на працягу больш чым трыццаці гадоў ажыццяўляе падрыхтоўку і выпуск студэнтаў па спецыяльнасці «Прамысловая электроніка». І традыцыйна, на дадзеную спецыяльнасць паступаюць на навучанне не толькі хлопцы, але і дзяўчыны.

Чым жа адметная дадзеная спецыяльнасць? Асаблівасцю падрыхтоўкі спецыялістаў на ёй з’яўляецца перш за ўсё выразная арыентаванасць на практычную інжынерную дзейнасць – аналіз, мантаж і мадэляванне электрасхем, установак для тэхналагічных працэсаў, прамысловых комплексаў, аўтаматаў і робатаў, пераўтваральнікаў для датчыкаў фізічных велічынь, стварэнне праектаў новых сістэм, комплексаў і прыбораў. Студэнты, атрымаўшы неабходны падмурак ведаў па фізіцы і матэматыцы, ужо пачынаючы з першага курса займаюцца ў навучальна-даследчай студэнцкай лабараторыі «Радыёаматар», дзе набываюць неабходныя практычныя веды. Такім чынам, адначасова з адукацыйным працэсам, большасць студэнтаў, поруч са спецыялістамі кафедры, удзельнічае ў вырашэнні інжынерных і навуковых задач для розных прадпрыемстваў і арганізацый. Вельмі цікавым з’яўляецца той факт, што шмат хто з прадстаўнікоў прадпрыемстваў вельмі зацікаўлены у прыёме на працу менавіта дзяўчын-выпускніц спецыяльнасці «Прамысловая электроніка». Самымі распаўсюджанымі аргументамі такога выбара гучаць словы «Толькі дзяўчына зможа прыгожа афармляць канструктарскую дакументацыю па нашых праектах», «Толькі дзяўчына зможа акуратна весці справаводства па нашых праектах», «Толькі дзяўчына зможа якасна ажыццяўляць выходны тэхнічны кантроль нашай прадукцыі».

Вельмі добрыя і ўстойлівыя стасункі ўсталяваліся паміж кафедрай «Прамысловая электроніка» ГДТУ імя П.В. Сухога і Лабараторыяй фізікі высокіх энергій (ЛФВЭ) імя У.І. Векслера і А.М. Балдзіна Аб'яднанага Інстытута Ядзерных Даследаванняў (г. Дубна, Расйская Федэрацыя). Гэта – ўнікальная для Усходняй Еўропы міжнародная навукова-даследчая пляцоўка, на якой паспяхова ажыццяўляюцца самыя складаныя эксперыменты ў галіне ядзернай фізікі, напрыклад, сутыкненне ядзер атамаў у калайдэры Нуклатрон і даследаванне фрагментаў ядзер пасля іх сутыкнення. У 2014 годзе была падпісана Працоўная праграма супрацоўніцтва ў галіне навуковых даследаванняў, тэхнічных распрацовак і падрыхтоўкі кадраў паміж Аб'яднаным Інстытутам і ГДТУ імя П.В. Сухога, паводле якой спецыялістамі двух устаноў праводзяцца супольныя навуковыя даледаванні, а студэнты ГДТУ імя П.В. Сухога наведваюць Аб'яднаны Інстытут для праходжання практык і працаўладкавання пасля заканчэння ўніверсітэта. У сферы супольніцтва двух арганізацый цяжка пераацэніць ролю доктара фізіка-матэматычных навук Алены Сяргееўны Какаулінай, у мінулым – дацэнта кафедры «Вышэйшая матэматыка» нашага ўніверсітэта, а на дадзены момант начальніка группы навукова-эксперыментальнага аддзела спінавай структуры адронаў і рэдкіх працэсаў Лабараторыі фізікі высокіх энергій. Менавіта яе намаганнямі вялікая колькасць студэнтаў спецыяльнасцей «Прамысловая электроніка», «Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах», «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі», «Аўтаматызаваны электрапрывод», «Тэхналогія машынабудавання» прайшлі практыку і паспрабавалі свае сілы падчас працы ў летніх кампусах, а таксама знайшлі сабе навуковых кіраўнікоў у Аб’яднаным Інстытуце. Вельмі важнай і крэатыўнай з'яўляецца дзейнасць Алены Сяргееўны і пры арганізацыі навуковага супрацоўніцтва паміж Аб'яднаным Інстытутам і ГДТУ імя П.В. Сухога.

ask_mozaika.jpg

Д.ф.-м.н. Какауліна Алена Сяргееўна праводзіць семінар ва ўніверсітэце Прынстана (ЗША) для аспірантаў і прафесараў эксперымантальнай фізікі часцінак

Сярод студэнтаў, якія былі першапраходцамі падчас усталявання стасункаў у адукацыйнай сферы паміж Аб’яднаным Інстытутам і ГДТУ імя П.В. Сухога – выпускніца 2016 года спецыяльнасці «Прамысловая электроніка» Анастасія Казлякоўская. Яшчэ падчас вучобы Анастасія чатыры разы наведала Аб’яднаны Інстытут, дзе прайшла практыкі і летнюю школу ў Навукова-інжынерным аддзеле сістэм электрасілкавання Нуклатрона пад кіраўніцтвам Віктара Мікалаевіча Карпінскага.

10.jpg

У намесніка дырэктара ЛФВЭ Патрабеннікава Ю.К., злева направа: Патрабеннікаў Ю.К., м.н.с. Грыбоўскі А.С. (выпускнік ГДУ імя Ф. Скарыны, Беларусь), Дудзін В. (Казахстан), г.н.с., прафесар Нікіцін У.А. пасля ўручэння медалі за заслугі перад Айчынай, д.ф.-м.н. Какауліна А.С., Барлыкоў Н. (Казахстан), Казлякоўская А. (выпускніца ГДТУ імя П.В. Сухога, Беларусь), с.н.с. Руфанаў І.А., с.н.с. Папоў В.

Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта Анастасія прыступіла да працы ў навукова-даследчай частцы ГДТУ імя П.В. Сухога, прычым яе дзейнасць была звязана з выкананнем канкрэтных навукова-тэхнічных задач у рамках дагавораў паміж Аб’яднаным Інстытутам і ГДТУ імя П.В. Сухога. За два гады падчас працяглых камандзіровак непасрэдна ў Аб’яднаным Інстытуце Анастасіяй у якасці інжынера-адказнага выканаўцы былі выкананы дзве даволі складаныя работы, звязаныя з манітарыраваннем крыніц сілкавання звышправодных сінхратронаў Бустэр (Booster) і Нуклатрон (Nuclotron), і распрацоўкай кантролера токавых вымярэнняў. Гэтыя работы – частка намаганняў спецыялістаў па стварэнні і запуску найбуйнейшага ва Усходняй Еўропе калайдэра-паскаральніка элементарных часцінак NICA (Nuclotron-based Ion Collider fAcility). Па ацэнках спецыялістаў, запуск гэтага комплекса плануецца на 2021-2022 гады.

46.jpg

Распрацоўка стойкі вымярэння токаў Бустэра (СВТ) – ад праекта да рэальнасці

Пасля выканання гэтых работ Анастасія пераканала спецыялістаў Аб’яднанага Інстытута ў сваёй дастаткова высокай кваліфікацыі і ёй прапанавалі працу ў Навукова-інжынерным аддзеле сістэм электрасілкавання Нуклатрона. З 2018 года яна працуе па кантракце ад Рэспублікі Беларусь у якасці штатнага інжынера гэтага аддзела.

У канцы мінулага года мне пашчасціла наведаць Аб'яднаны Інстытут Ядзерных Даследаванняў падчас стажыроўкі ў Лабараторыі фізікі высокіх энергій ім. У.І. Векслера і А.М. Балдзіна. Сама стажыроўка, арганізаваная Аленай Сяргееўнай Какаулінай, падарыла шмат уражанняў ад самога горада, у якім літаральна кожны камень дыхае гісторыяй ядзернай фізікі; ад сустрэч і супрацы з аўтарытэтнымі навукоўцамі і спецыялістамі, наведвання ўнікальных установак і сістэм для правядзення эксперыментаў на калайдэры Nuclotron.

st_2.jpg

Помнік акадэміку Г.М.Флёраву (навуковец у галіне сінтэза цяжкіх элементаў – у Аб'яднаным Інстытуце Ядзерных Даследаванняў пад кіраўніцтвам Г.М. Флёрава сінтэзавана каля дзясятка новых элементаў; у гонар навукоўца названы хімічны элемент флеровій 114Fl)

st_7.jpg

Помнік акадэміку І.М.Франку (лаўрэат Нобелеўскай прэміі за тэарэтычнае тлумачэнне Чаранкоўскага эфекта, якое дала магчымасць дэтэктавання і рэгулявання хуткасці выскоэнергетычных часцінак)

st_3.jpg

Помнік акадэміку У.І. Векслеру (ставаральнік першага савецкага сінхратрона (1947) і сінхрафазатрона на энергію 10 ГэВ (1957) у Аб'яднаным Інстытуце Ядзерных Даследаваняў, самага магутнага на той час у свеце)

Працоўныя сустрэчы і наведванні аб'ектаў падчас стажыроўкі загадчыка кафедры «Прамысловая электроніка» Крышнёва Ю.В. у Лабараторыі фізікі высокіх энергій ім. У.І. Векслера і А.М. Балдзіна

Акрамя прафесійных кантактаў, у мяне атрымалася сустрэцца і з нашымі землякамі, якія працуюць у Аб’яднаным Інстытуце ў дадазены час. Дарэчы, іх на сёння ў Дубне каля двух дзясяткаў. Вельмі прыемна было мне сустрэцца і пагутарыць і з выпускніцай нашай кафедры Анастасіяй Казлякоўскай. Прывяду некаторыя фрагменты нашай размовы, якая адбылася на яе працоўным месцы.

– Анастасія, калі ласка, крыху распавядзіце пра гісторыю Аб'яднанага Інстытута Ядзерных Даследаванняў.

– З таго, што я здолела пачытаць і даведацца ад старэйшых калег, ведаю, што міжнароднае пагадненне аб стварэнні Аб'яднанага інстытута было падпісана 26 сакавіка 1956 г. прадстаўнікамі ўрадаў 11 краін-заснавальнікаў з мэтай аб'яднання іх навуковага і матэрыяльнага патэнцыялу для вывучэння фундаментальных уласцівасцяў матэрыі. У тым жа годзе навуковае мястэчка разам з рабочымі пасёлка раёна Вялікай Волгі была пераўтворана ў горад, які атрымаў назву Дубна. Адразу ў склад Аб'яднанага Інстытута ўвайшлі дзве магутныя лабараторыі з унікальным на той час абсталяваннем. Першым дырэктарам Інстытута быў абраны акадэмік Д.І. Блахінцаў. Менавіта падчас таго, як на чале Інстытута стаяў Д.І. Блахінцаў, для кіраўніцтва лабараторыямі Інстытута былі запрошаны сусветна вядомыя навукоўцы – М.М. Багалюбаў, І.М. Франк, Г.М. Флёраў. Інстытут прайшоў доўгі шлях развіцця, змяняліся пакаленні, але нязменным заставалася адно: спецыялісты-навукоўцы заўжды працавалі тут на самым пярэднім ускрайку тэорыі і практыкі даследаванняў фізікі ядра. На сённяшні дзень Аб'яднаны Інстытут уключае ў свой склад 18 краін-удзельніц і 6 асацыяваных краін-удзельніц.

– Чым, на Ваш погляд, у дадзены момант жыве Інстытут?

– Цяпер Інстытут перажывае цікавы час – ідзе будаўніцтва аб’ектаў у рамках megascience-праекта NICA (Nuclotron-based Ion Collider fAcility, звышправодны калайдэр пратонаў і цяжкіх іёнаў). Маштаб гэтага па-сапраўднаму грандыёзнага праекта нельга недаацэньваць – за лёсам новага паскаральніка сочаць не толькі расійскія навукоўцы, але і ўся сусветная навуковая супольнасць. За двума словамі «будаўніцтва калайдэра» крыецца самаахвярная, тытанічная праца велізарнай колькасці людзей розных прафесій, якія літаральна па цаглінках збіраюць навуковую будучыню і, без сумневаў, увойдуць у сусветную навуковую гісторыю.

2.jpg

Пачатак будаўніцтва калайдэра, здымак з даху суседняга збудавання

29.jpg

Фізічны макет ўстаноўкі шматмэтавага дэтэктара Multi-Purpose Detector (MPD) для будучага звышправоднага калайдэра NICA

– А чым займаецца непасрэдна аддзел, у якім Вы працуеце?

– Наш аддзел займаецца адной з самых важных задач, ад якой залежыць магчымасць работы калайдэра і іншых установак Інстытута – забеспячэннем электрасілкавання, а таксама ўласнымі распрацоўкамі прэцызійных крыніц сілкавання для магнітаў і лінзаў паскаральнага комплексу NICA.

– Над якімі задачамі зараз даводзіцца працаваць непасрэдна Вам?

– Мая актуальная задача на дадзены момант – вымярэнне токаў асноўных крыніц сілкавання комплексу NICA. У гэтай нетрывіяльнай задачы ёсць мноства нюансаў – сістэма павінна дазваляць праводзіць вымярэнні з некалькіх крыніц адначасова, рабіць гэта з неабходнай дакладнасцю, у некаторых выпадках – у радыяцыйных умовах, пры наяўнасці электрамагнітных перашкод і многіх іншых фактараў, якія ўплываюць на дакладнасць вымераных даных. Пры гэтым колькасць задач не толькі не памяншаецца, але з'яўляюцца і новыя праблемы, рашэнне якіх прымушае мяне развівацца і прафесійна расці – я лічу, што гэта адна з прычын, чаму такая праца не можа перагрузіць або надакучыць. Навуковая накіраванасць дыктуе свае правілы – выніку можна дасягнуць толькі працай і няспынным вывучэннем, пошукам магчымых рашэнняў, шматлікімі спробамі і памылкамі.

– Калі зараз, праз некаторы час пасля заканчэня ўніверсітэта, азірнуцца назад, можна назваць, якія веды і навыкі сталі найбольш важнымі ў Вашай працоўнай дзейнасці, з улікам яе спецыфікі?

– У сваёй працы я павінна спалучаць вялікую колькасць ведаў і навыкаў – гэта разуменне асноў квантавай механікі і хіміі з аднаго боку, а з другога – веданне электроннай схематэхнікі, архітэктурнага ўладкавання і праграмавання мікракантролераў, навыкі якаснага мантажу электронных кампанентаў, трасіроўкі плат і падрыхтоўкі іх да вырабу. Калі падвынікоўваць, то прыблізна палова ведаў патрабуецца з універсітэцкага багажу, а палова – новыя, звязаныя са спецыфічнымі задачамі Аб'яднанага Інстытута.

14.jpg
15.jpg

На працоўным месцы

27.jpg

Аддзел інжэкцыі ЛУ-20. Тэставанне крыніц сілкавання на лінейным паскаральніку ЛУ-20

Вялікую ролю ў маім цяперашнім жыцці адыгрываюць мае калегі – яны мае настаўнікі і блізкія сябры. Атмасфера ў калектыве цёплая і шчырая, гэта вельмі матывуе і натхняе, робіць мацней для вырашэння цяжкіх і часам, здавалася б, невыканальных задач. Усе разам мы падзяляем нашы маленькія перамогі і перажываем цяжкія сітуацыі ў працэсе работы. Неаднаразова парады маіх калег дапамаглі мне пазбегнуць сур'ёзных памылак.

Гэтак жа, нашымі напрацоўкамі і вопытам карыстаюцца калегі з іншых аддзелаў, якім мы з радасцю гатовыя дапамагчы.

28.jpg

Тэставанне «чырвонай кнопкі» – кнопкі, па націсканні якой пачынаецца старт першага тэхналагічнага сеансу сінхратрона Бустэр. Злева – кіраўнік навукова-інжынернага аддзела сістэм электрасілкавання Нуклатрона В.М. Карпінскі

З падрыхтоўкай да пачатку тэхналагічнага сеансу быў звязаны даволі ўсцешны выпадак – падчас візіту «высокай» камісіі і практычна пры ўрачыстым націску на кнопку, не спрацавала апаратура адлюстравання токаў на асобным маніторы. Але мы не разгубіліся, і, пакуль да яе дайшлі вочы камісіі, у экстраным парадку ўдалося знайсці прычыну і выправіць праблему – спадзяюся, ніхто нічога не заўважыў.

– Чым для Вас зараз ёсць Аб'яднаны Інстытут Ядзерных Даследаванняў?

– Я лічу, што Аб’яднаны Інстытут Ядзерных Даследаванняў – тое ўнікальнае месца, у якое мне пашчасціла аднойчы патрапіць, і якое я ніколі не забуду, як і набыты тут вопыт, які назаўжды застанецца са мной. Складана апісаць пачуцці, ступаючы па ярму легендарнага сінхрафазатрона, які ў свой час праславіў Савецкі Саюз, і пра які я ў школьны час чытала ў падручніку фізікі.

3.jpg

Унутры ярма сінхрафазатрона. Цяпер тут мясцуецца перадпаскаральнік зараджаных часцінак праекта NICA – Бустэр

– Раскажыце, калі ласка, крыху аб горадзе Дубна, у якім месцаваны Аб'яднаны Інстытут Ядзерных Даследаванняў.

– Інстытут размешчаны ў вельмі маляўнічым месцы на беразе Волгі. Дубна – горад хоць і маленькі, але напоўнены цікавымі месцамі і славутасцямі.

31.jpg

Горад Дубна ў раёне зліцця ракі Волга і Канала імя Масквы

Рытм жыцця ў гэтым горадзе адбіўся на менталітэце і характары мясцовых жыхароў – тут жывуць вельмі актыўныя і творчыя людзі. На ўзбярэжжы і ў лесапаркавых зонах можна ўбачыць, як людзі ўсіх узростаў з задавальненнем займаюцца спортам. Гэта вельмі кінулася ў вочы адразу, калі я тут упершыню з'явілася.

З самавыяўленнем ў горадзе яшчэ больш цікавей – мясцовыя ўлады падтрымліваюць шматлікія творчыя памкненні мясцовых жыхароў, дзякуючы чаму горад з кожным годам робіцца ўсё больш жывым і цікавым. Напрыклад, паўсюль можна сустрэць мазаічныя арт-аб'екты, якія сваімі сіламі стварае мясцовы мастак і яго каманда.

12.jpg
37.jpg

Гістарычна так склалася, што, праз свой адносна невялікі памер, Дубна – горад роварыстаў, і ў сезон я з задавальненнем езджу на працу на ровары. Шлях займае ўсяго 30 хвілін, але якое задавальненне я атрымліваю, праязджаючы раніцай па ўзбярэжжы Волгі! Напэўна, у мяне самая шчаслівая і маляўнічая ў свеце дарога на працу...

17.jpg
33.jpg
34.jpg

Наогул, я вельмі прыемна пачуваюся ў Дубне – жыццё тут радуе ўсімі сваімі гранямі. Немалаважны плюс – блізкасць да Масквы – буйнога культурнага і дзелавога цэнтра на карце Еўропы. Дарога займае 2-3 гадзіны, і наведаць рэйтынгавы канцэрт, спектакль альбо выставу зусім нескладана.

– На завяршэнне – Вашы кароткія пажаданні абітурыентам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэтат імя П.В. Сухога.

– Выбіраць тую спецыяльнасць, да якой ёсць здольнасці і сапраўдная цікавасць. Верыць у сябе, штодзённа імкнуцца да новых ведаў. Не баяцца сур'ёзных задач. Калі яны вырашаюцца калектывам, рашэнне заўжды будзе знойдзена, а, акрамя асалоды ад жаданага выніку, ты атрымаеш яшчэ і новыя веды.

Юрый Крышнёў,
загадчык кафедры
«Прамысловая электроніка»